логотип   ГУО «Староборисовская санаторная школа –интернат»
[Восстановление]    [Регистрация]
Логин:
Пароль:
Главная Фотоальбом Новости
Навигация:
circle Одно окно
circle О школе
circle Лечебная деятельность
circle Учительская
circle Социально-педагогическая и психологическая служба
circle Ученикам и родителям
circle После уроков
circle Полезные ссылки
circle Детская линия помощи. Телефоны доверия
circle Книга памяти "Живая память поколений"
circle ИНТЕРНЕТ-РЕСУРСЫ по вопросам безопасности дорожног
circle Профориентационная работа в школе
circle Страничка безопасности
circle Нормативно-правовая документация
circle Онлайн- переводчики
circle Попечительский совет
circle Совет школы
circle Физкультурно-оздоровительная работа в школе
circle Акция МЧС "Гордимся, что научили"
circle ОСВОД

Ссылки:

Жывая памяць пакаленняў

 

Сцяпан і Вольга Супрановічы

 

Ёсць у Барысаўскім раёне Мінскай вобласці звычайная вёска Касцюкі. Гэта мая родная вёска. На яе тэрыторыі размешчаны тры помнікі – напамін аб мінулай Вялікай Айчыннай вайне. Адзін увекавечвае памяць аб земляках, якія загінулі, абараняючы нашу Радзіму. Другі размешчаны над брацкай магілай воінаў-вызваліцеляў вёскі. А трэці – узведзены на грошы мясцовых жыхароў і сродкі калгаса імя Кутузава. Гэты помнік уяўляе сабой бетонную пліту з барэльефам, што сімвалізуе еднасць воінаў савецкай арміі, партызанаў і мірных жыхароў, якія схілілі галовы ў сумным маўчанні. Іх задуменны смутак пацвярджае надпіс, зроблены на другім фрагменце помніка, які размешчаны злева: “Вечная памяць загінуўшым”…, а далей пералічаны прозвішчы ўсіх расстраляных касцюкоўцаў. Адзін з іх мой дзед – Супрановіч Сцяпан Фёдаравіч.

Ужо споўнілася 75 гадоў з дня той жудаснай трагедыі, але і па сённяшні дзень 31 ліпеня збіраюцца родныя і блізкія загінуўшых вяскоўцаў на мітынг ля помніка пры ўваходзе на кладбішча вёскі Касцюкі. На аснове дакументальных фактаў і ўспамінаў мясцовых жыхароў  мною было напісана  наступнае апавяданне .

Яна прачнулася неяк раптоўна. Нібы маланкай працяла ўсё цела і нечым гарачым ударыла ў скроні. Сон больш не ішоў, і жанчына проста ляжала, заплюшчыўшы вочы. Яшчэ было зусім рана, нават пеўні не парушалі цішыні… Вольцы прыгадалася вяселле:  сама ў шлюбным уборы і побач Сцяпан – прыгожы, дужы, вясёлы. Ды ён і зараз такі, хоць прайшло ўжо дванаццаць гадоў, толькі больш пасталеў, узмужнеў. Жанчына соладка пацягнулася і паклала галаву на плячо мужа. Так і праляжала да раніцы, баючыся патрывожыць яго сон. Няхай добра адпачне, бо летняя ночка кароткая.

Ужо потым, спраўляючыся па гаспадарцы, гатуючы няхітры сялянскі сняданак, яна адчувала, што нешта незразумелае непакоіла ўсё больш і больш. За хатнімі турботамі трывога неяк трохі адступала. Вольга вырашыла, што забяжыць да старэйшай сястры, каб параіцца. Тоця жыла ў суседняй хаце, бо замужам была за Сцяпанавым братам Барысам. Тут жа , на хутары , жылі яшчэ два браты Сцяпана – Іван і Уладзімір. Калісьці свёкар выкупіў гэты кавалак не вельмі ўрадлівай зямлі, бо меў немалую сям’ю: пяцёра сыноў і дзве дачкі. Вось і пабудавалі  браты хаты побач, дапамагалі адзін аднаму, жылі дружна.

Але не суджана было пасяліцца шчасцю ў гэтым прыгожым куточку  вёскі Касцюкі. Ужо месяц як гаспадарылі тут немцы. Лавілі курэй, забівалі свіней, прымушалі жанчын мыць ім бялізну, патрабавалі “млека” і “яйка”. Калгас нібыта адмянілі, але гаспадарка ўся засталася, і людзей прымушалі хадзіць на працу. Вось сёння Вольцы і Сцяпану неабходна ісці стагаваць сена. Яны вырашылі, што не будуць браць з сабой ежу, а прыйдуць на абед дадому. Яшчэ і справіць сёе-тое па гаспадарцы можна. Праўда, шлях няблізкі – каля трох кіламетраў. Ды для маладых гэта не адлегласць.

За працаю Волька зусім забылася на бяссонную ноч і ранішні неспакой. Сястра запэўніла, што гэта на навальніцу. Нездарма ж так парыць. Пакуль ішлі на абед, Сцяпан весела жартаваў, ладзіў планы на будучае… Дома трывога зноў вярнулася да жанчыны. Чамусьці зашчыміла сэрца, калі дзеці, дзевяцігадовая шчабятуха Марыйка і трохгадовы Міколка, пасля абеду абляпілі бацьку, усеўшыся на яго каленях. Сцяпан жа ласкава пагладзіў абоіх па светлавалосых галоўках, пацалаваў кожнага і стаў збірацца. Заспяшалася і Волька, наказваючы дачцэ прыглядваць за брацікам .

Праз некаторы час Сцяпан і Вольга Супрановічы павольна ішлі на працу, размаўлялі, жартавалі. Так прайшлі яны кіламетр. Незнарок жанчына азірнулася і ледзь не самлела. Іх даганялі ўзброеныя нямецкія салдаты, канваіруючы перад сабой групу аднавяскоўцаў. Сцяпан спахмурнеў і сціснуў кулакі, ён пазнаў сярод канваіруемых свайго брата. “Куды і завошта?” – прамільгнула ў галаве думка. Мужчына насупіўся, увесь выраз яго твару выдаваў лютую нянавісць да ворагаў. Калі група параўнялася са Сцяпанам і Вольгай, яго адразу далучылі да палонных. Нічога не тлумачачы пагналі далей. Жонка крочыла ўслед. Па дарозе да іх далучылася яшчэ адна група з другой часткі вёскі. Цяжка было вызначыць: сагналі іх для нейкай працы ці для расправы. Надзея на лепшае вугальком тлела ў Вольчыным сэрцы. Можа, пашанцуе? Але прадчуванне шаптала аб іншым. Употай жанчына малілася, спяшалася за калонай, глытаючы пыл, перамагаючы нясцерпны боль, што з кожным крокам аддаваўся ў скронях.

Наблізіўшыся да былой казармы, фашысты запаволілі крок і прымусілі  мужчын стаць у рад, а жанчын насупраць іх крокаў за пяцьдзясят. Волька не магла адвесці вачэй ад свайго мужа. Яна ледзьве зразумела, што немцы дапытваюцца пра нейкі матацыкл, напэўна, той, што валяўся без кола на абочыне. А потым да яе слыху даляцела пагроза, што расстраляюць кожнага пятага. За што? Чаму? У чым вінаваты яе Сцяпан? Фашысты пайшлі ўздоўж рада мужчын, углядаліся ў твары, зрывалі галаўныя ўборы. Першым вывелі Нупрэя, які быў апрануты ў старую вайсковую гімнасцёрку. Дайшла чарга і да Сцяпана. Ён мужна глядзеў смерці ў твар. Так і ўпаў з горда паднятай галавой, скошаны варожай куляй. Прыняў пакаранне за тое, што любіў жыццё і сваю Радзіму, што не скарыўся і не маліў аб памілаванні… Вольга пахіснулася, зрабіла крок наперад, хацела кінуцца да свайго Сцяпана, каб навекі забыцца побач з мужам. Толькі нечыя рукі моцна схапілі яе і трымалі пакуль ўсё не скончылася. Гэта быў Сцяпанаў брат Уладзімір, якога таксама прыгналі сюды, але не палічылі, што ён можа ўяўляць нейкую пагрозу, бо меў вельмі дрэнны зрок. На зямлі засталося ляжаць дзесяць забітых. Побач стаялі трое, якіх ужо вывелі на расправу, але не паспелі, бо нейкі іхні, відаць, галоўны, крыкнуў : “Alles !”

Нелюдзі спынілі сваю расправу і загадалі тут жа закапаць забітых, але ўсё той жа Уладзімір папрасіў дазволу завезці нябожчыкаў на могілкі. Усё рабілі моўчкі і хутка. Прывезлі яшчэ васьмярых, якіх расстралялі крыху ранеў у вёсцы. Не было магчымасці рабіць труну, капаць глыбокія магілы, спраўляць звычайны абрад пахавання. Мёртвых клалі па двое ў адну магілу. Жанчыны давіліся слязьмі, але не асмельваліся загаласіць, каб не справацыраваць фашыстаў на прадаўжэнне зверстваў.

Так у апошні ліпеньскі дзень 1941 года ў звычайнай беларускай вёсцы Касцюкі ахвярамі фашыстаў сталі васямнаццаць мірных жыхароў. Гэта быў саракавы дзень вайны.

У сям’і Супрановічаў Сцяпан стаў першай ахвярай. Яго брат Іван прышле з фронту два пісьмы і прападзе без вестак. Сын Барыса Аляксандр сустрэне перамогу параненым у шпіталі, а сын Вольгі і Сцяпана ледзьве не загіне, гуляючы з мінай. Праз два тыдні пасля вызвалення вёскі памрэ дзесяцігадовая дачка Уладзіміра Зіна. У сорак пятым годзе Барыс пахавае сваю жонку Таццяну, здароўе якой падарвала вайна. Але ўсе яны жывуць у памяці сваіх родных і блізкіх.

       
Copyright 2010-2015 Беларусь, д.Старо-Борисов
Акриловая краска